Выстаўка Анатоля Отчыка «ЗНІТАВАНАЯ ПРАСТОРА»


8 кастрычніка 2024 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі жывапісу “Знітаваная прастора” члена Беларускага саюза мастакоў Анатоля Уладзіміравіча Отчыка. Выстаўка прымеркавана да 75-годдзя мастака.

На выстаўцы прадстаўлена каля 80 работ, створаных пераважна за апошняе дзесяцігоддзе. Творчасць аўтара выяўляецца ва ўсёй яе жанравай і стылёвай разнастайнасці. Экспануюцца як рэалістычныя пейзажы, партрэты, нацюрморты, тэматычныя карціны, так і кампазіцыі, блізкія да канцэптуальнага і абстрактнага мастацтва.

Тэматыка работ А.У. Отчыка надзвычайна шырокая. Яго цікавіць гісторыя роднага краю з яе велічнымі помнікамі: “Полацкі матыў” (2018 г.), “На полацкай зямлі” (2018 г.), “Мінулае Турава” (2000 г.), “Мелодыі тураўскіх храмаў” (2000 г.). Ён звяртаецца да падзей Вялікай Айчыннай вайны ў работах “Ніколі не забудзем” (2022 г.), “Успамін” (2021 г.), “Фотаздымак на памяць” (2004 г.). У жывапісных пейзажах мастак імкнецца перадаць прыгажосць свайго роднага краю – палескай прыроды. Відавочна, што малая радзіма значна паўплывала на творчасць мастака і працягвае служыць крыніцай вобразаў, сюжэтаў і творчага натхнення. Ідэйны змест твораў А.У. Отчыка напоўнены філасофскімі разважаннямі пра шлях чалавека да Бога, сэнс жыцця, знітаванне чалавека з Бацькаўшчынай.

Выстаўка працуе з 3 кастрычніка па 27 кастрычніка 2024 года.

Отчык Анатоль Уладзіміравіч

Нарадзіўся 7 ліпеня 1949 года ў в. Шыічы Калінкавіцкага раёна Палескай вобласці (цяпер Гомельская вобласць). У 1972 г. скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя К.А. Савіцкага. У 1977 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

Удзельнік выставак з 1978 г. Аўтар 13 персанальных выставак.

Творы знаходзяцца ў музеях Беларусі, Расіі, Украіны, прыватных калекцыях. Прымаў удзел ў больш за 60 абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах жывапісу.

Сябра Беларускага саюза мастакоў. У 1998–2004 гг. – старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

Уваходны білет:
7,00 руб. – для дарослых;
4,50 руб. – для студэнтаў;
3,00 руб. – для школьнікаў.

Час працы:
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00 (каса да 18.30)
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66

1496