Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

Мастацкая галерэя Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі і СССР, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага адкрылася 7 верасня 2012 года, уваходзіць у структуру Музея гісторыі горада Мінска.

Галерэя размяшчаецца ў будынку на тэрыторыі Верхняга горада па адрасе пл. Свабоды, 15 — у былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя з прыбудовай. Месца размяшчэння галерэі было абрана самім мастаком яшчэ пры жыцці. Будынак былой гарадской сядзібы рэканструяваўся як музейны аб'ект двайнога прызначэння, які сумяшчае ўласна мастацкую галерэю і экспазіцыю, звязаную з гісторыяй гэтага помніка архітэктуры.