7 жніўня 2025 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі жывапісу «НА СКРЫЖАВАННІ СТАГОДДЗЯЎ. ПАД МІРНЫМ НЕБАМ МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ» члена Беларускага саюза мастакоў Аляксея Панцюка-Жукоўскага.
Персанальная выстаўка жывапісца ўключае больш за 70 твораў розных жанраў і часу стварэння, аб’яднаных тэмай Беларусі і беларускасці. Працы прысвечаныя бацькаўшчыне, яе мінуламу і сучаснасці, нацянальнай спадчыне. У сваіх творах аўтар раскрывае тэмы гісторыі роднай краіны, станаўлення яе незалежнасці, подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны; услаўляе і выдатных дзеячаў краіны, і простага чалавека – рабочага, будаўніка, настаўніка, працаўніка вёскі; звяртае ўвагу на яскравыя моманты штодзённасці.
Праз сродкі рэалістычнага выяўленчага мастацтва мастак імкнецца выхаваць у гледача павагу да роднай зямлі і яе людзей, патрыятычнае стаўленне да гістарычнай памяці беларускага народа, цікавасць да самога выяўленчага мастацтва і, ў прыватнасці, рэалістычнага кірунку.
Аляксей Панцюк-Жукоўскі застаецца адданы традыцыі рэалістычнага мастацтва. На погляд аўтара выстаўкі, гэта самы складаны і адказны стыль, і менавіта яго сродкамі ў мастацкіх творах можна больш дасканала перадаць прыгажосць роднага края і суайчыннікаў, увасобіць старонкі гісторыі, выказаць павагу да мінулага і дня сённяшняга. Рэалістычны стыль дазваляе гледачу не проста любавацца каларыстычным і пластычным строем таго ці іншага твора, а нават перанесціся ў блізкія, знаёмыя, любыя сэрцу вобразы, створаныя мастаком.
«Ідуць гады, мінаюць стагоддзі, змяняюцца абставіны, лад жыцця, але застаецца беларуская зямля, беларускі народ. Безумоўна, будучы мастаком, працуючы ў рэалістычнай манеры, час ад часу хочацца напісаць мастацкія творы пра гэтую зямлю, на якой нарадзіўся і вырас, якая дала крылы для творчага палёту, – гаворыць мастак. – Мне хацелася адлюстваць свае думкі і пачуцці ў працах – выказаць мары палескага хлапчука-падлетка, які ўзносіўся ў сваіх мроях да бялюткіх аблокаў у бясконцым блакіце над тою палескай вёсачкай, над невялічкай рачулкай, над роднай матчынай хатай – над тым, што мае назву Радзіма».
Аляксей Панцюк-Жукоўскі нарадзіўся ў вёсцы Бабунічы (Гомельская вобласць, Петрыкаўскі раён). Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава, у Беларускім дзяржаўным тэатральна–мастацкім інстытуце ў мастакоў Ю. Выхадцава, В. Ракаўскага, В. Грамыкі, М. Данцыга, П. Крохалева. Працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным тэатральна–мастацкім інстытуце і Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І.В. Ахрэмчыка. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь да 90-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва. Удзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выставак. Творы знаходзяцца ў музеях Беларусі і Расіі, ў прыватных калекцыях.
Уваходны білет:
8,00 руб. – для дарослых;
5,00 руб. – для студэнтаў;
3,00 руб. – для школьнікаў
Время работы:
серада – нядзеля, 11.00–19.00 (каса да 18.30)
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66